У дзіцячым садку прайшло незвычайнае падарожжа, якое правялі выхаванцы сярэдняй групы №2. Маленькія экскурсаводы запрасілі гасцей-сваіх сяброў з другіх груп, у «Беларускую хатку», каб пазнаёміць іх з побытам нашых продкаў.
У цэнтры ўвагі апынулася белая печ — дзеці назвалі яе «сэрцам» дома, бо яна і корміць, і грэе. З пяшчотай яны паказалі калыску, якая «лятае» пад столлю, і патлумачылі, як важна спяваць немаўляткам калыханкі. Асаблівую цікавасць выклікаў стары куфар з вышытымі рушнікамі і лапці, якія дзеці назвалі самым лёгкім абуткам для лесу.
Падчас вандроўкі маленькія гаспадары звярталі ўвагу на кожную дробязь: ад цяжкага чыгунка да глінянага збанка.Гэта было не проста знаёмства з гісторыяй, а сапраўднае свята беларускай душы, напоўненае цеплынёй і любоўю да роднага краю.




