Размаўляйце з дзецьмі па-беларуску
Наша родная мова самая прыгожая і вельмі мілагучная. Яна нібы спеў салаўя, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі; яна цёплая, як матуліна пяшчота! Вельмі важна не даць згаснуць беларускай мове на нашых землях, і пачынаць трэба ў літаральным сэнсе з малога: пачаць вывучаць беларускую мову ў дзіцячым садзе.
Кожную пятніцу ў нашым дзіцячым садзе беларускамоўны дзень, калі мы размаўляем на беларускай мове. У гэты дзень, пачынаючы з прыёму дзяцей і закачваючы працоўны дзень, усе супрацоўнікі размаўляюць з выхаванцамі на беларускай мове. Падчас усіх рэжымных момантаў дзеці знаёмяцца з беларускімі назвамі посуду, мэблі, адзення, прыродных з’яў, частак цела чалавека і многім іншым. Інфармацыя выхаванцам падаецца паволі, замацоўваецца на працягу некалькіх дзён і дапаўняецца новым матэрыялам. На прагулках, фізкультурных і музычных занятках, выхаванцам прапануюцца беларускія народныя гульні рознай рухомасці, песні, пацешкі, прымаўкі і прыказкі.Знаёмім дзяцей з беларускімі казкамі, дзе адлюстроўваецца побыт, культура і традыцыі беларускага народу.
Размаўляйце, калі ласка, і вы разам з намі па-беларуску. Будзем вельмі ўдзячны за супрацоўніцтва з намі.
Працэс навучання беларускай мове праводзіцца паэтапна, пачынаючы з малодшага дашкольнага ўзросту. Неабходна фарміраваць у дзяцей першапачатковыя навыкі разумення мовы, уменні паўтараць за дарослым і самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (правільнае прагаворванне слоў, паўтарэнне і завучванне кароткіх вершаў, песенак, лічылак і г.д.)
Часцей за ўсе бывае так: дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам, або з дачкой выконваць дамашнюю работу па-беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.
З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове.
Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульнёвай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу, і называйце яго адзенне: шкарпэткі, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.
Прапануйце дапамагчы прыгатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.
Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб памятніках архітэктуры вашага пасёлку, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбычыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.
Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцём гульняў па-беларуску.
Размаўляйце, чытайце казкі сваім дзецям на беларускай мове. А мы вам у гэтым дапаможам.