Все записи Кантакты Контакты

 Паважаныя бацькі!  Разам з дзеткамі мы вучымся правільна ўжываць формы беларускага этыкету. Запрашаем далучыцца да нас!

Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Выхавальнік дашкольнай адукацыі Арцюх І.М.

Папулярызацыя беларускай мовы ў адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнай адукацыі

Слова да слова, слова да слова –

 Гэта бацькоўская родная мова,

 Матчына мова, пяшчотная, чыстая,

 Быццам крыніца, жывая, іскрыстая.

                                    А.Вольскі

 Адметнай рысай любой вялiкай нацыі, любога вялікага народа з’яўляюцца трапяткія адносіны да сваёй гістарычнай спадчыны, да сваёй культуры, i ў першую чаргу да роднай мовы.

 Палітыка нашай дзяржавы накіравана на адраджэнне нацыянальных традыцый і каштоўнасцей, бо толькі такое пакаленне, якое ўсведамляе сваю нацыянальную годнасць, свае карані і культуру, будзе трывалым аплотам краіны. Выхаванне дзяцей павінна грунтаваца на роднай мове, гісторыі і традыцыях. Калі своечасова не заахвочыць дзяцей да ўласнай нацыянальнай культуры, працэс нацыянальнай ідэнтыфікацыі нівеліруецца, што можа прывесці ў далейшым да закамплексаванасці, праяўлення нацыянальнай ушчэрбнасці, нізкага ўзроўню сацыяльнай паспяховасці. Менавіта з пазнання роднай мовы, з усведамлення яе як найвялікшай каштоўнасці пачынаецца станаўленне самасвядомасці дашкольнікаў. 

Захапленне гісторыяй роднай краіны, любоў і павагу да беларускай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства.

Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

Пачынаем размаўляць па-беларуску!

  Выхавальнік дашкольнай адукацыі Шугля В.У.

 Выхаванне патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту

Сённяшнюю  нашу размову, паважаныя бацькі, мы прысвяцім няпростым пытанням : з чаго пачынаецца любоў да Радзімы; ці трэба выхоўваць у дзецях патрыятычныя пачуцці,  і як гэта рабіць. 

Што такое патрыятызм?  Талковы слоўнік Ожыгава С. І. дае такое вызначэнне: «Патрыятызм — гэта адданасць і любоў да сваёй Айчыны, свайго народу». У іншых крыніцах можна ўбачыць такое азначэнне «Патрыятызм — гэта любоў да Радзімы, адданасць ёй, імкненне сваімі дзеяннямі служыць яе інтарэсам, адчуванне непарыўнай сувязі са сваім народам, з яго мовай, культурай, побытам і норавамі». 

Чаму сёння мы пачалі пра гэта казаць? Я думаю, што для вас не будзе вялікім сакрэтам, што ў апошнія дзесяцігоддзі наша грамадства вельмі моцна змянілася. І змянілася не ў лепшы бок. Мы павінны разумець, што пытанні патрыятычнага выхавання павінны стаць ключавымі ў навучанні і выхаванні нашых дзяцей.  І пачынацца выхаванне павінна ўжо ў дашкольным узросце. А ўдзельнікамі гэтага працэсу павінны стаць не толькі педагогі і наша грамадства, але і бацькі.

 Пытанне гэтае складанае і шматграннае. Таму сёння мы з вамі паспрабуем выпрацаваць адзіныя прынцыпы ў вырашэнні пытанняў, звязаных з выхаваннем сапраўдных грамадзян нашай краіны,  у выхаванні нашых дзяцей. 

Першыя ўрокі патрыятызму дзіця атрымлівае ў сям’і. Бацькі перадаюць яму сваё ўспрыманне жыцця: сваю любоў да прыроды, да народнай песні, да народных традыцый, да людзей, якія робяць жыццё лепшым  і цікавейшым. На доўгія гады дзеці запамінаюць свае прагулкі з бацькамі ў бліжэйшы лес, у поле, на возера, поўныя яркіх уражанняў і перажыванняў. Гэтыя прагулкі і запальваюць у душы дзіцяці першую іскру вялікай любові да роднай прыроды. Сямейныя святочныя вечары, шэсце з дарослымі па прыбранай плошчы на ​​святочны салют — усё гэта выклікае ў дзяцей тыя асаблівыя, светлыя пачуцці, якія захоўваюцца на ўсё жыццё. Вялікі ўплыў на дзяцей аказваюць канкрэтныя праявы патрыятычных пачуццяў бацькоў у паўсядзённым жыцці. Напрыклад: бацька, прыйшоўшы з працы, захоплена распавядае пра свае справы на вытворчасці, аб поспехах; маці, гартаючы сямейны альбом, распавядае дзецям пра сябраў сям’і, пра бабуль і дзядуляў, якія ваявалі за родную зямлю, маюць узнагароды за сваю працу, успамінае гісторыі з жыцця сям’і. Калі ў сям’і шануюць мастацтва, паказваюць дзецям шэдэўры народнай творчасці, паважліва ставяцца да мастацтва ўсіх народаў нашай краіны — усё гэта выхоўвае ў дзецях пачуццё патрыятызму. Любоў да радзімы выяўляецца ў пастаянным імкненні чалавека рабіць жыццё лепшым — добра вучыцца ў школе, добра працаваць, дапамагаць таму, каму патрэбна наша дапамога. Падтрымаць добрую справу, выступіць супраць зла і гвалту — гэта таксама патрыятызм.

 З недахопаў сямейнага выхавання вырастаюць розныя заганы. Вырастаюць маладыя людзі, у якіх няма нічога святога: ні сям’і, ні Радзімы. Менавіта ў сям’і закладаецца падмурак патрыятызму, зараджаецца пачуццё любові да маці, да сваёй сям’і, свайго роднага гораду, да чалавецтва ў цэлым. Ад бацькоў дзеці даведаюцца аб добрых і дрэнных людзях, аб абавязку і справядлівасці, смеласці і адвазе. Сіла прыкладу бацькоў у фарміраванні сапраўднага патрыёта Радзімы вельмі вялікая. Усё, чым славіцца сапраўдная сям’я — маральныя формы паводзін, любоў да Айчыны, святое стаўленне да яе культурных і духоўных каштоўнасцей, грамадзянскія пачуцці — усё гэта павінна быць перададзена дзецям у спадчыну. 

 Паважаны бацькі! Калі вы хочаце вырасціць дзіця годным чалавекам і грамадзянінам, не кажыце блага пра краіну, у якой жывяце.  Памятайце, што чым больш вы будзеце выказваць незадаволенасць кожным пражытым днём, тым больш песімізму, незадаволенасці жыццём будзе выказваць ваш дзіця.  Глядзіце з ім перадачы, кінафільмы, якія распавядаюць пра людзей, якія ўславілі краіну, у якой вы жывяце, пазітыўна ацэньвайце іх уклад у жыццё грамадства.  Як мага раней адкрыйце ў сваім дзіцяці ўменне выяўляць пазітыўныя эмоцыі, бо яны стануць вашай надзеяй у старасці. 

У заключэнне нашай гутаркі мне вельмі хочацца спадзявацца на тое, што яна не пакінула вас абыякавымі.  Мы не заўсёды задумваемся аб тым, патрыятычныя нашы думкі і ўчынкі ці не. Але многія рэчы: любоў да сваёй сям’і, да сваёй Радзімы, дапамога людзям, якія жывуць у нястачы, абарона пакрыўджаных з’яўляюцца ключавымі ў выхаванні добрага чалавека і грамадзяніна. 

Скончыць я хачу словамі вядомага ангельскага філосафа Ф. Бэкана «Каханне да Радзімы пачынаецца з сям’і».

             Выхавальнік дашкольнай адукацыі Клышэўская А.М.

                                            Развіццё звязнага маўлення дзяцей у сям’і

З легендаў і казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,

З  сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлівых крыніц.

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

І гора, і з радасці, і з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святыні народа, бясмерцця яго,-

Ты выткана, дзіўная родная мова.

Сапраўды , наша родная беларуская мова вельмі прыгожая, мудрая, мілагучная, мяккая, пявучая, пяшчотная, жывая,цікавая, добрая, песенная,меладычная, жывая,паэтычная,старажытная. Мы  чуем  яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную «трасянку», або мясцовую дыялектную – але мы ведаем, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова.

Сёння сам час патрабуе  навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромяцца на ёй размаўляць. Задача развіцця маўлення дашкольнікаў  актуальна яшчэ і таму,  што прадмет беларуская мова уведзены у курс  навучання дзяцей першага класа агульнаадукацыйнай школы, дзеці займаюцца па такім падручнікам. Чым ранней мы навучым сваіх дзяцей разумець беларускія словы і размаўляць на роднай мове, тым лягчэй будзе ім вучыцца у школе.

Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру. Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, вытокаў народнай мудрасці.

Для нас, педагогаў дашкольнай установы і канешне вас, паважаныя бацькі, задача развіцця маўлення дзіцяці, авалоданне багаццямі роднай мовы, літаратуры, мастацтва , развіццё ўмення выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа – асноўная ў фарміраванні асобы, нацыянальнай самасвядомасці дашкольніка.

Адным з напрамкаў даннай дзейнасці з’яўляецца развіццё звязнага  маўлення дашкольнікаў.        

Правільна паступаюць тыя дарослыя – не толькі бацькі, вядома, але і іншыя члены сям’і (бабулі і дзядулі, старэйшыя браты і сёстры і г. д.), –якія асноўную ўвагу надаюць паўсядзённым зносінам з дзіцем.Усім гэтым яны спрыяюць пашырэнню кругагляду дзіцяці, развіццю пытлівасці  і дапытлівасці. Уся ўвага, нястомныя намаганні бацькоў павінны быць накіраваны на тое, каб дзеці чулі правільную, ясную і лагічна паслядоўную размову. Гаварыць з дзецьмі трэба звычайнай, правільнай мовай, галоўнае казаць павольна, ясна і гучна. У працэсе зносін дарослым неабходна дапамагаць дзіцяці авалодваць моавай. Ненадакучліва папраўляць яго, калі ён няправільна вымаўляе слова або няправільна будуе фразу, прычым, як правіла, рабіць гэта па ходзе размовы так, каб папраўка не спыняла зносін. У выніку да пяці — шасцігадовага ўзросту дзіця ўжо будзе валодаць самавітым слоўнікавым запасам і практычна асвоіць граматычны лад роднай мовы.

Для развіцця звязнага маўлення дзіцяці дастаткова традыцыйных формаў зносін, – размова, гульня, чытанне кніг, казак і г. д. Справа складаецца не ў тым, каб выкарыстоўваць якія-то новыя, спецыяльна прыдуманыя  формы зносін, а ў тым, каб правільна выкарыстоўваць тое, што добра вядома. Для дзіцяці самай магутнай крыніцай ведаў з’яўляюцца яго бацькі. Памятайце, што асноўныя суразмоўцы для дзіцяці ў сям’і – мама, тата, бабуля ці дзядуля.

У сям’і  патрэбнасць у зносінах можна задаволіць праз індывідуальныя гутаркі  і размовы.  Папытайцеся у сваіх дзяцей пра тое, што было у дашкольнай установе, чым займаліся, развучыце  верш, які пранануюць педагогі .

Вялікае значэнне мае асабісты прыклад дарослых, бацькоў, людзей, якія жывуць побач з імі. Патрэбна часцей чытаць беларускія народныя казкі, знаёміць дзяцей з творамі беларускіх пісьменнікаў, развучваць вершы, загадваць загадкі, спяваць беларускія песні, прымаць удзел у беларускіх народных святах.

            Падчас прагулак, апранання, распранання, купання, на кухні падчас падрыхтоўкі ежы можна праводзіць з дзіцём дыдактычныя практыкаванні.Напрыклад, назаві рэчы на беларускай мове, знайдзі, што назаву.

Творы фальклору сваім зместам і формай найлепшым чынам дапамогуць у вырашэнні задачы развіцця звязнага маўлення дзяцей. Паступова яны ўводзяць малога ў стыхію народнага слова,  з’яўляюцца ўзорам прыгажосці мовы.

Для  развіцця мовы  і ўзбагачэння слоўніка вельмі карысныя загадкі ў выглядзе пытання або апісальнага апавядання,  часцей за ўсё ў вершаванай форме. Дзіця старэйшага дашкольнага ўзросту павінна самастойна складаць загадкі-апісанні аб прадметах. Пры гэтым ініцыятыва належыць бацькам. Вы прапануеце дзіцяці адгадаць, які прадмет задумалі, а затым просіце яго зрабіць тое ж: «Ён драўляны, стаіць пасярэдзіне пакоя, мае чатыры ножкі і квадратную дошку. За ім абедаюць, п’юць гарбату. Што гэта такое?». А цяпер ты задумай любы прадмет і ўсё пра яго раскажы, а я буду адгадваць.

Можна прапанаваць гульню «Вясёлыя вандроўнікі». Дзіця ўяўляе, што  ляціць на самалёце, едзе на цягніку, плыве на параходзе, ідзе пешшу па краіне: апісвае ўяўныя гарады, лясы, горы … Бацькі павінны адгадваць месца «падарожжа».

Спрыяюць засваенню ўсіх формаў мовы народныя казкі, якія даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей ўласных моўных навыкаў. У сучасны час у вас , паважаныя бацькі, не хапае часу пачытаць кнігу .  Таму прапануем вам  сайты, на  якіх  вы знойдзеце шмат казак, вершаў, гульняў і многа іншага.

Завучванне вершаў напамяць —  адзін з самых эфектыўных прыёмаў развіцця маўлення . Мы заўважылі, што вершы на беларускай мове дзеци вывучваюць хутчэй, чым на рускай.

 У сям’і важна  ужываць самім і прывучаць дзяцей  ужываць  беларускія словы этыкету і правілаў паводзінаў.

Гульня – асноўная форма дзейнасці дзяцей. Існуе вялікае мноства беларускіх народных дзіцячых гульняў.Гульневы фальклор з’яўляецца надзейным захавальнікам роднай мовы, а засваенне яе ў працэсе гульні – самы хуткі і цікавы для дзяцей шлях.

Можна згуляць з дзіцем у гульню «На што падобна? ». Шпацыруючы па лесе, задавайце яму такія пытанні: « На што падобны ліст, воблака, цень ад дрэва? ». Адказвайце самі, але слухайце ўважліва і дзіця. Бо ў нашых дзяцей такое непасрэднае мысленне і ўспрыманне.

Вельмі падабаецца дзецям такое практыкаванне:

Паспрабуйце вымавіць адну і тую ж фразу з рознымі інтанацыямі (пяшчотна, зло, запытальна, са здзіўленнем, з радасцю, са страхам, загадваючы, просячы, молячы, гучна, ціха) : «Хутчэй дадому! »

Наступнае  практыкаванне – чыстагаворкі, хуткамоўкі.

Важна, каб дзеці зразумелі, што неабходна гаварыць не толькі хутка, але і чыста, ясна для навакольных. Хуткамоўкі можна знайсці ў розных дзіцячых кніжках: белы бусел баіў байку беламу зайку, твая маці і мая маці пяклі булкі ў адной хаце.

Гуляйце са сваімі дзецьмі, падарыце ім радасць зносін з вамі, напоўніце сумеснае баўленне часу цікавым і  развіваючым зместам.

Няма смачнейшай вадзіцы… (як з роднай крыніцы).
Дарагая тая хатка… (дзе нарадзіла мяне матка).
Лепш сто сяброў… (чым сто рублёў).
Дарагая тая хатка… (дзе радзіла мяне матка).

Няма смачней вадзіцы… (як з роднае крыніцы).

Родная зямля мякчэй… (за чу жую пярыну).

Як мы бачым, штодзённыя  зносіны бацькоў з дзіцём дае мноства магчымасцеў для развіцця складнай гаворкі. Крыху цярпення і настойлівасці, трохі вынаходлівасці і бацькоўскай увагі, — і ваша дзіця прыйдзе ў школу з добра  развітай  мовай.

Дапамажыце нашым дзецям авалодаць беларускай мовай, і вы дапаможаце абудзіць у іх веру ў тое, што яны вырастуць потрэбнымі на зямлі людзьмі.     

Выхавальнік дашкольнай адукацыі Ханько А.У.